КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ КАЎЧУКІ́, сіліконавыя каўчукі, сілаксанавыя каўчукі,

крэмнійарганічныя палімеры, якія пасля вулканізацыі ператвараюцца ў гуму; каўчукі сінтэтычныя спец. прызначэння.

Прамысл. К.к. адносяцца да класа поліарганасілаксанаў, маюць агульную ф-лу [—Si5(R2)—O—] малекулярную масу (3—8)10​5, шчыльн. 960—980 кг/м³. Для К.к. характэрны малая вязкасць, нізкія т-ры шклавання (ад -110 да -130 °C), цеплаправоднасць і дыэл. пранікальнасць. Вулканізуюцца К.к. арган. пераксідамі (напр., бензаілу пераксід), у гумавыя сумесі для атрымання гумы з добрымі мех. ўласцівасцямі дадаюць узмацняльны напаўняльнік (высокадысперсны крэмнію дыаксід). Гума на аснове К.к. вызначаецца высокімі дыэл. ўласцівасцямі і марозаўстойлівасцю, устойлівая да тэрмічнага старэння, уздзеяння кліматычных і біял. фактараў, фізіял. інертная. Гуму выкарыстоўваюць у эл.-тэхн. прам-сці як электраізаляцыйны матэрыял, у авіябудаванні (ушчыльняльнікі для дзвярэй, ілюмінатараў, амартызатары), у медыцыне для вырабу эндапратэзаў (напр., суставаў, штучных артэрый, клапанаў сэрца); нізкамалекулярныя К.к. — для вырабу герметыкаў (гл. Вадкія каўчукі).

Я.І.Шчарбіна.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)